Чаму старажытныя коні глядзяць на нас з абразоў, як уратавалі рукапіснае Евангелле XVI стагоддзя і пра што расказвае загадкавы код зроку?

Часам каб па-новаму зірнуць на звычайныя рэчы, варта проста спыніцца і зазірнуць у мінулае. У межах рэспубліканскага праекта «Кожная пятніца, роднае — сваё!» калектыў натарыяльнай канторы № 3 Чыгуначнага раёна Гомеля накіраваўся туды, дзе рэліквіі гавораць мовай стагоддзяў — у філіял Веткаўскага музея стараабрадніцтва і беларускіх традыцый.
Гэтым разам музей падрыхтаваў для наведвальнікаў экспазіцыю «Іконы і коні», якая аб'яднала розныя эпохі праз адзін з самых магутных і старажытных сімвалаў сусветнай культуры. Тут унікальным чынам сустрэліся творы розных часоў: ад язычніцкіх выяваў і старажытных веткаўскіх абразоў («Цуд Георгія аб змеі», «Архангел Міхаіл-ваявода», «Вогненнае ўзнясенне Іллі-прарока») да дэталяў драўлянай архітэктуры з конскімі галовамі і твораў сучаснага мастацтва. Гэты шматгранны вобраз раскрыў усю сваю палітру — ад спадчыны сярэднявечча да мастацкіх рэфлексій сучаснікаў.
Асаблівай кропкай маршруту стала выстава «Выратаванае Евангелле», прымеркаваная да 40-й гадавіны чарнобыльскай трагедыі. Яна прысвечана зніклай вёсцы Косіцкая — адной з першых трох стараабрадніцкіх слабод, заснаваных у XVII стагоддзі. Галоўны экспанат тут — рукапіснае Евангелле, якому ўжо паўтысячы гадоў. Гэтая кніга перажыла драматычныя часы: у 1934 годзе яе употай вынеслі з храма, каб выратаваць ад знішчэння, а ў 2005 годзе апошні ўладальнік прывёз яе ў Веткаўскі музей са словамі: "Сюды. Яна тут дома будзе".
А апошнім пунктам культурнага маршруту стала выстава «Вока», якая даследуе магію зроку і загадкі чалавечага ўспрымання. Экспазіцыя аб'яднала артэфакты, старэйшым з якіх больш за чатыры тысячы гадоў, даказваючы, што пошукі адказаў на вечныя пытанні культуры працягваюцца і сёння.
Прыродная цікавасць да ўсяго роднага, да сваёй гісторыі і вытокаў — гэта тое, што робіць нас сабой, а такія пятніцы дапамагаюць наяве адчуць трывалую нітку часу, якая злучае пакаленні.