Праз стагоддзі ў Кобрынскім музеі А.В. Суворава

У межах праекта «Кожная пятніца — роднае, сваё» натарыус Гомельскай натарыяльнай акругі Ірына Гавядкова прыняла ўдзел у акцыі “Пятнічныя вандроўкі” і наведала Кобрынскі ваенна-гістарычны музей імя А.В. Суворава — адзін з найстарэйшых і найбольш адметных музеяў краіны.
Музей знаходзіцца ў старадаўняй сядзібе, якая ў канцы XVIII стагоддзя належала вядомаму палкаводцу Аляксандру Сувораву. Шпацыр па экспазіцыйных залах дазваляе не проста перанесціся ў мінулае, а літаральна дакрануцца да гісторыі. Калекцыі музея знаёмяць наведвальнікаў як з жыццём і дзейнасцю самога палкаводца, так і з багатай гісторыяй Кобрыншчыны ад старажытных часоў да сучаснасці. Асаблівую цікавасць выклікаюць асабістыя рэчы Суворава, калекцыі зброі і рэчы штодзённага ўжытку таго часу — яны яскрава адлюстроўваюць атмасферу эпохі.
Падобныя паездкі з’яўляюцца выдатнай магчымасцю для папаўнення ведаў пра нацыянальную спадчыну. Вандроўка па месцах, што захоўваюць памяць стагоддзяў, дапамагае глыбей разумець вытокі культуры і захоўваць павагу да слаўных старонак мінулага. Кожны такі маршрут — гэта крок да лепшага спазнання роднага краю.
