“Паўлінка”

Натарыусы Мінскай гарадской натарыяльнай акругі, якія ажыццяўляюць натарыяльную дзейнасць у натарыяльнай канторы № 2 Савецкага раёна г. Мінска, Людміла Белая, Іна Новікава і Святлана Рудая, наведалі адзін з самых вядомых спектакляў беларускіх аўтараў – «Паўлінку» Янкі Купалы.
Найстарэйшы спектакль тэатра карыстаецца вялікай любоўю гледачоў і за доўгія гады свайго існавання ператварыўся ў сапраўдную візітоўку, сімвал купалаўскай сцэны. Сакрэт такога ўнікальнага поспеху – у спалучэнні яскравых народных характараў, цікавага сюжету, народных песень і танцаў, мілагучнай мовы класіка беларускай літаратуры і выдатнага майстэрства выканаўцаў. За час існавання спектакля ўдзел у ім бралі некалькі пакаленняў найлепшых артыстаў краіны, а сам ён стаў сапраўднай школай сцэнічнага майстэрства. І менавіта гэтай пастаноўкай у Купалаўскім тэатры штогод адкрываецца новы сезон!
Натарыусы атрымалі шмат яркіх і станоўчых эмоцый і змаглі дакрануцца да класікі роднай літаратуры.